Тэарэтычны матэрыял
Тэма 1. Уводзіны

 

Прадмет вывучэння дысцыпліны “Тэорыя і практыка камунікацыі” ‒ канкрэтныя акты зносін у межах тэорыі камунікацыі, якая сфарміравалася ў навуцы на аснове псіхалагічнай тэорыі дзейнасці, лінгвістычнай прагматыкі, сацыялінгвістыкі і лінгвістыкі тэксту. Маўленчыя зносіны разглядаюцца як шматузроўневая з’ява ‒ у сацыяльным, камунікатыўным, псіхалагічным і лінгвістычным аспектах.

Галоўная мэта дысцыпліны – выпрацаваць у навучэнцаў цэласнае ўяўленне аб камунікацыі як галіне тэарэтычных даследаванняў; развіць базавыя лінгвістычныя паняцці, дапоўніўшы іх тэрміналогіяй па тэорыі камунікацыі; сфарміраваць навыкі вядзення вуснай і пісьмовай камунікацыі на аснове сістэмных ведаў тэорыі камунікацыі.

Вучэбная дысцыпліна звязана з наступнымі гуманітарнымі дысцыплінамі: філасофіяй (тэорыяй пазнання, аналітычнай і камунікатыўнай філасофіяй), логікай, семіётыкай (навукай аб знакавых сістэмах), сацыялогіяй, псіхалогіяй і педагогікай.

Як складнік лінгвістыкі, тэорыя камунікацыі ўзаемадзейнічае з усімі часткамі традыцыйнага мовазнаўства, з сумежнымі дысцыплінамі, у прыватнасці з рыторыкай.

Дысцыпліна “Тэорыя і практыка камунікацыі” адносіцца да ліку найноўшых дысцыплін, укараненне якіх абумоўлена: 1) развіццём інавацыйных лінгвістычных даследаванняў; 2) неадкладнымі прыкладнымі задачамі – новымі (камунікатыўнымі) падыходамі да выкладання і вывучэння роднай і замежных моў.

Аб’ект даследавання дысцыпліны “Тэорыя і практыка камуні-кацыі” – чалавечыя (перш за ўсё вербальныя) зносіны, якія з’яўляюцца ўмовай існавання як кожнага асобнага чалавека, так і наогул чалавечага грамадства. З усяго багацця дэфініцый зносін можна вылучыць асноўныя: 1) зносіны ‒ від самастойнай чалавечай дзейнасці; 2) зносіны ‒ атрыбут іншых відаў чалавечай дзейнасці; 3) зносіны ‒ узаемадзеянне суб’ектаў.

Разам са словам зносіны (узаеміны) ужываецца і тэрмін “камунікацыя” (англ. сommunication ад лац. communicare  ‘знаходзіцца ў сувязі, прымаць удзел, аб’ядноўвацца’). Тэрміну камунікацыя аддаюць перавагу з-за: а) яго распаўсюджанасці ў вытворчай і тэхнічнай сферы; б) магчымасці ўтвараць вытворныя словы (камунікатыўны і інш.) [17, с. 19].

Мноства азначэнняў паняцця “камунікацыя” сведчыць пра яго шматбаковасць.

Чарльз Хортан Кулі, амерыканскі сацыяльны псіхолаг, лічыць, што камунікацыя – механізм, з дапамогай якога забяспечваецца існаванне і развіццё чалавечых адносін. Камунікацыя ўключае ў сябе ўсе разумовыя сімвалы, сродкі іх перадачы ў прасторы і захавання ў часе.

А. Д. Урсул, доктар філасофскіх навук, прафесар: камунікацыя –абмен інфармацыяй паміж складанымі дынамічнымі сістэмамі і іх часткамі, якія ў стане прымаць інфармацыю, назапашваць яе, ператвараць.

М. С. Каган, расійскі філосаф і культуролаг, доктар філасофскіх навук, прафесар: камунікацыя ёсць інфармацыйная сувязь суб’екта з тым ці іншым аб’ектам – чалавекам, жывёлай, машынай.

Тамотсу Шыбутані, прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта:
камунікацыя – гэта перш за ўсё спосаб дзейнасці, які палягчае ўзаемнае прыстасаванне паводзін людзей.

Пол Сміт, Крыс Бэры, Алан Пулфорд: камунікацыя – гэта акт адпраўлення інфармацыі ад мозгу аднаго чалавека да мозгу іншага чалавека.

Па меркаванні Дэвіда Льюіса, камунікацыя (біял.) – гэта перадача сігналаў паміж арганізмамі або часткамі аднаго арганізма, калі адбор спрыяе прадуцыраванню і ўспрыманню сігналаў. У працэсе камунікацыі адбываецца змяненне інфармацыі і ўзаемная адаптацыя суб’ектаў.

Паводле А. Б. Звярынцава, А. П. Панфілавай, камунікацыя – спецыфічны абмен інфармацыяй, працэс перадачы эмацыйнага і інтэлектуальнага зместу.

Вылучаюць некалькі асноўных значэнняў паняцця “камунікацыя”:

1) універсальнае, пры якім камунікацыя разглядаецца як спосаб сувязі любых аб’ектаў матэрыяльнага і духоўнага свету;

2) тэхнічнае, якое адпавядае ўяўленню аб камунікацыі як шляху паведамлення, сувязі аднаго месца з іншым, сродках перадачы інфармацыі і другіх матэрыяльных і ідэальных аб’ектаў з аднаго месца ў іншае;

3) біялагічнае, якое шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях сігнальных спосабаў сувязі ў жывёл, птушак, насякомых і г. д.;

4) сацыяльнае, якое выкарыстоўваецца для абазначэння і характа-рыстыкі шматстайных сувязяў і адносін, якія ўзнікаюць у чалавечым грамадстве. У гэтым выпадку гаворка ідзе аб сацыяльнай камунікацыі – камунікацыйных працэсах у грамадстве. Тэорыя камунікацыі часцей за ўсё звяртаецца менавіта да гэтага значэння камунікацыі як спецыфічнай формы ўзаемадзеяння людзей па перадачы інфармацыі ад чалавека да чалавека, якая ажыццяўляецца пры дапамозе мовы і іншых знакавых сістэм [16, с. 7].

Камунікацыя можа быць вербальнай або невербальнай. Вербальная камунікацыя – гэта наша звыклае выкарыстанне мовы з мэтай зносін, невербальная камунікацыя ажыццяўляецца без выкарыстання моўных сродкаў.

Вербальная (моўная) камунікацыя мае больш сістэмны, больш структураваны характар. Невербальная камунікацыя з’яўляецца не такой выразнай, але і яна здольная перадаваць дастаткова інфармацыі.

Функцыі зносін:

1) кантактная (усталяванне атмасферы ўзаемнай гатоўнасці перадаваць і ўспрымаць паведамленні і падтрымліваць узаемасувязь да завяршэння акта зносін);

2) сацыяльная (фарміраванне пэўнага ўзроўню культурнай маўленчай кампетэнцыі, што дазваляе існаваць у грамадстве);

3) інфармацыйная (абмен інфармацыяй, пытаннямі і адказамі);

4) заахвочвальная (падахвочванне партнёра, аўдыторыі або самога сябе да выканання пэўных фізічных, фізіялагічных, інтэлектуальных, духоўных і іншых дзеянняў);

5) каардынацыйная (узаемнае арыентаванне і ўзгадненне дзеянняў удзельнікаў зносін па іх сумеснай дзейнасці);

6) пазнавальная (адэкватнае ўспрыманне і разуменне сэнсу паведамлення, а таксама ўзаемнае разуменне намераў, установак, перажыванняў, станаў адзін аднаго);

7) эматыўная (абмен эмоцыямі, абуджэнне ў партнёра або аўдыторыі пэўных перажыванняў, псіхічных станаў);

8) прагматычная (усведамленне і фіксаванне свайго месца ў сістэме ролевых, статусных, дзелавых, міжасобасных адносін);

9) уплывовая (кірунак на змяненне стану, паводзін, каштоўнасна-матывацыйнай сферы партнёра: намераў, поглядаў, меркаванняў, рашэнняў, уяўленняў, патрэб, узроўню актыўнасці, густаў, нормаў паводзін, ацэначных крытэрыяў).

Камунікацыя адбываецца ў чалавечых і жывёльных сістэмах. Сістэмы камунікацыі ў жывёльным свеце больш першабытныя і прымітыўныя, чым у чалавечым, і вызначаюцца як біялагічна мэтазгодная сумесная дзейнасць, накіраваная на адаптацыю да асяроддзя і рэгуляваная сігналамі.

Асноўныя адрозненні паміж зносінамі людзей і жывёл:

  1. Зносіны жывёл біялагічна рэлевантныя, значныя ў біялагічным дачыненні (гэта не толькі перадача паведамлення, але і звяно біялагічнага цыкла), а зносіны людзей ‒ біялагічна нерэлевантныя. Біялагічная нерэлевантнасць чалавечых зносін выяўляецца ў тым, што форма моўных знакаў нематываваная адносна іх значэння.
  2. Камунікацыя спрыяе развіццю чалавека як сацыяльнай істоты. У працэсе зносін чалавек выпрацоўвае камунікатыўную кампетэнцыю, якая суадносіцца з узроўнем сацыялізацыі індывіда, з узроўнем праявы чалавекам інтэлекту і іншых чалавечых якасцей.
  3. Чалавечыя зносіны, у адрозненне ад жывёльных, звязаны з пазнавальнымі працэсамі. Камунікатыўныя працэсы ў жывёл не ўдзельнічаюць у адлюстраванні навакольнага асяроддзя, арыентаванне адбываецца з дапамогай органаў пачуццяў, у той час як зносіны ў людзей звязаны з пазнаннем: пераважна на аснове мовы функцыянуе памяць, выключна вялікую ролю ў мысленні адыгрывае маўленне.
  4. Вербальныя (маўленчыя) зносіны людзей характарызуюцца багаццем зместу. Камунікацыі жывёл даступная толькі экспрэсіўная інфармацыя пра ўнутраны, фізіялагічны стан адпраўніка інфармацыі.
  5. Мова людзей мае ўзроўневую будову і складаецца з адзінак розных узроўняў. У адрозненне ад чалавечага маўлення ў біялагічных камунікацыях семіётыка не мае адзінак розных узроўняў – складаных і простых.

На сённяшні дзень распрацавана шмат мадэлей камунікацыі. Мадэль камунікацыі ўзнаўляе складнікі і функцыянальныя характарыстыкі ў выглядзе сістэмы. Змест мадэлі залежыць ад канцэпцыі вучонага, які яе распрацоўвае, ад патрэбаў той сферы навукі, у якой яна з’явілася. Існуюць лінейныя і нелінейныя мадэлі.

Да лінейных мадэлей можна аднесці мадэлі Г. Ласвела, К. Шэнана.

  1. Гаральд Ласвел падаў мадэль камунікацыі ў выглядзе шэрага пытанняў: Хто? → Што кажа? → Якім каналам? → Каму? → З якім вынікам? Гэта формула лічыцца класічнай.
  2. Клод Шэнан, адзін са стваральнікаў кібернетыкі, у працы “Матэматычная тэорыя сувязі” (1948) падаў мадэль камунікацыі, якая змяшчае пяць элементаў: крыніцу інфармацыі, перадатчык, канал перадачы, прыёмнік і канчатковую мэту. Акрамя гэтых элементаў, Шэнан увёў яшчэ паняцце камунікатыўнага шуму.
  3. Мадэль Р. Якабсона: у маўленчай камунікацыі ўдзельнічаюць адрасант і адрасат, ад першага да другога накіроўваецца паведамленне, напісанае з дапамогай коду, кантэкст звязаны са зместам паведамлення і інфармацыяй, якая перадаецца (рэферэнтам), паняцце кантакту звязана з рэгулятыўным аспектам камунікацыі.

Рэферэнт (лац. referre ‘паведамляць, дакладваць, называць, суадносіць’) ‒ гэта інфармацыя, прадмет пазамоўнай рэчаіснасці, пра які гаворыцца ў паведамленні.

Адрасант – гэта адпраўнік паведамлення (моўца, аўтар).

Адрасат – атрымальнік паведамлення (слухач, чытач).

Паведамленне разумеецца як працэс і вынік спараджэння маўлення, тэкст (дыскурс).

Кантакт – гэта ўзаемадзеянне, у выніку якога становяцца магчымымі зносіны, абмен інфармацыяй.

Код – гэта знакавая сістэма (знакавыя сістэмы), з дапамогай якой ажыццяўляецца камунікацыя.

Законы зносін (узаемін) апісаў навуковец І. А. Сцернін.

Закон люстранога развіцця зносін: адзін суразмоўца ў працэсе камунікацыі імітуе стыль зносін іншага.

Закон залежнасці выніку зносін ад аб’ёму камунікатыўных намаганняў: чым больш камунікатыўных намаганняў затрачана, тым вышэйшая эфектыўнасць зносін.

Закон прагрэсуючага нецярпення слухачоў: чым даўжэй гаворыць прамоўца, тым большую няўважлівасць і нецярпенне праяўляюць слухачы.

Закон падзення інтэлекту аўдыторыі з павелічэннем яе памеру: чым больш людзей вас слухаюць, тым ніжэйшы сярэдні інтэлект аўдыторыі. Часам гэту з’яву называюць эфектам натоўпу: калі слухачоў шмат, яны пачынаюць горш “разважаць”, хоць асабісты інтэлект кожнага асобнага чалавека пры гэтым, вядома, захоўваецца.

Закон першаснага непрымання новай ідэі: новая, нязвыклая ідэя, паведамленая суразмоўцу, у першы момант ім не прымаецца, адштурхоўваецца.

Закон рытму зносін: суадносіны маўлення і маўчання ў гаворцы кожнага чалавека ‒ велічыня пастаянная. Кожнаму чалавеку неабходна на працягу дня пэўны час гаварыць і некаторы час маўчаць.

Закон моўнага самаўнушэння: слоўнае выражэнне ідэі або эмоцыі фарміруе гэту ідэю або эмоцыю ў таго, хто гаворыць.

Закон адрыньвання публічнай крытыкі: чалавек адхіляе публічную крытыку ў свой адрас.

Закон даверу да простых слоў: чым прасцейшыя думкі і словы таго, хто гаворыць, тым лепш яго разумеюць і больш давяраюць. Прастата зместу і формы ў зносінах – умова камунікатыўнага поспеху.

Закон прыцягнення крытыкі: чым больш чалавек вылучаецца з акружэння (натоўпу), тым больш пра яго гавораць дрэнна і крытыкуюць яго дзеянні. Чалавек, які вылучаецца, заўсёды становіцца аб’ектам павышанай увагі і “прыцягвае” да сябе крытыку.

Закон камунікатыўных заўваг: калі суразмоўца ў зносінах парушае некаторыя камунікатыўныя нормы, іншы суразмоўца адчувае жаданне зрабіць яму заўвагу, паправіць яго, прымусіць змяніць камунікатыўныя паводзіны.

Закон паскоранага распаўсюджвання негатыўнай інфармацыі: адмоўная, здольная выклікаць змены ў статусе людзей інфармацыя распаўсюджваецца хутчэй, чым інфармацыя станоўчага характару. Гэта звязана з павышанай увагай людзей да негатыўных фактаў, таму што станоўчае хутка ўспрымаецца людзьмі як норма і перастае абмяркоўвацца.

Закон скажэння інфармацыі пры яе перадачы (“закон сапсаванага тэлефона”): любая перададзеная інфармацыя, скажаецца прама прапарцыйна колькасці асоб, якія яе перадаюць. Гэта азначае, што чым больш людзей перадае тую ці іншую інфармацыю, тым большая верагоднасць скажэння інфармацыі.

Закон адхілення публічнай крытыкі: калі публічна крытыкуюць
каго-небудзь з той ці іншай нагоды ў прысутнасці іншага чалавека, які мае аналагічныя недахопы, гэты чалавек крытыку ад сябе практычна заўсёды адхіляе, лічачы, што “ў яго ‒ зусім іншае”.

Закон дэталёвага абмеркавання дробязяў: людзі схільныя засяроджвацца на абмеркаванні нязначных пытанняў і гатовыя надаваць гэтаму больш часу, чым абмеркаванню важных праблем.

Закон узмацнення эмоцый: эмацыйныя воклічы чалавека ўзмацняюць эмоцыю,  якая перажываецца ім.

Закон паглынання эмоцыі: вербальнае апісанне эмоцыі, якая перажываецца, паглынаецца ў працэсе маўлення і знікае. Вось чаму раяць распавядаць пра непрыемныя перажыванні, эмоцыі ‒ такім чынам чалавек хутчэй іх пазбаўляецца.

Закон эмацыйнага нівелявання логікі: ва ўмовах эмацыйнага ўзбуджэння чалавек дрэнна гаворыць і дрэнна разумее, што яму кажуць.

У тэорыі камунікацыі выкарыстоўваюцца тэрміны “камунікатыўны акт” і “маўленчы акт”, прычым іх значэнні амаль супадаюць.

Маўленчы акт – гэта выказванне (маўленчае дзеянне) або сукупнасць выказванняў (маўленчых дзеянняў), якія ажыццяўляюцца адным моўцам з улікам іншага.

Камунікатыўны акт – гэта сукупнасць маўленчых актаў, якія ажыццяўляюцца паміж камунікантамі.

Маўленчы жанр – тэматычна, кампазіцыйна і стылістычна сфарміраваны тып паведамлення, сукупнасць маўленчых актаў, аб’яднаных мэтай зносін, задумай таго, хто гаворыць, з улікам асобы адрасата, кантэксту і сітуацыі зносін. Паводле тэорыі маўленчых жанраў, у вытоках якой быў вядомы расійскі вучоны М. М. Бахцін, чалавечае маўленне ў тыповых сітуацыях увасабляецца ў пэўныя гатовыя формы маўленчых жанраў. Яны характарызуюцца трыадзінствам: 1) тэматычным зместам; 2) стылем; 3) кампазіцыяй выказвання.

Камунікатыўны намер (інтэнцыя) – гэта жаданне ўступіць у зносіны з іншым чалавекам.

Задума паведамлення – гэта інфармацыя ў зыходным выглядзе, якую аўтар хоча перадаць адрасату, праект, ідэя будучага паведамлення.

Камунікатыўная мэта – гэта стратэгічны вынік, на дасягненне якога накіраваны камунікатыўны акт. Мэты ў камунікацыі бываюць рознымі:

а) інфармацыйная – данесці да суразмоўцы сваю інфармацыю і атрымаць пацверджанне, што яе атрымалі;

б) прадметная – што-небудзь атрымаць, даведацца, змяніць у паводзінах суразмоўцы;

в) камунікатыўная – сфарміраваць адпаведныя адносіны з суразмоўцам.

На думку Джона Осціна, існуе два тыпы выказванняў: перфарматывы і канстатывы.

Перфарматывы (ад англ. performance ‘дзеянне, учынак,
выкананне’) ‒ гэта моўныя складнікі рэальных сітуацый, дзеясловы, ужыванне якіх у адпаведнай форме (часцей за ўсё ў форме першай асобы адзіночнага, радзей множнага ліку цяперашняга часу) і з’яўляецца адначасовым выкананнем дзеяння.

Канстатывы апісваюць рэальнасць, “не ўмешваючыся” ў яе [17, с. 26].

Метад навукі – гэта сукупнасць прыёмаў, даследчых працэдур, якія выкарыстоўваюцца для атрымання навуковых ведаў.

Агульнанавуковыя метады – гэта сукупнасць даследчых прыёмаў і працэдур, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навуковых ведаў. Гэта, напрыклад, мадэляванне, сістэмны падыход, параўнанне

Прыватнанавуковыя метады – сукупнасць спосабаў, даследчых прыёмаў і працэдур пазнання, якія ўжываюцца ў той ці іншай галіне навукі.

Паколькі тэорыя камунікацыі ўяўляе сабой шматузроўневую і надзвычай разгалінаваную сістэму ведаў, у ёй выкарыстоўваюцца метады такіх навук, як сацыялогія, псіхалогія, лінгвістыка, педагогіка і інш. Так, для вывучэння стану камунікатыўных працэсаў у грамадстве шырока прымяняюцца метады сацыялагічных даследаванняў: розныя віды апытванняў, інтэрв’юіраванне, аналіз дакументаў. Пры гэтым прымяняюцца такія метады аналізу сабранай першаснай інфармацыі, як статыстычны аналіз, групоўка і тыпалагізацыя.

Герменеўтыка як метад інтэрпрэтацыі тэкстаў, запазычаны з філасофіі, таксама выкарыстоўваецца ў вывучэнні камунікатыўных працэсаў.

Кантэнт-аналіз – гэта эксперыментальны метад, накіраваны на вывучэнне дзейнасці СМІ шляхам сістэматычнай лікавай апрацоўкі, ацэнкі і інтэрпрэтацыі формы і зместу паведамлення інфармацыйнай крыніцы. Гэты метад прымяняецца і ў тэарэтычных даследаваннях, якія раскрываюць характар узаемаадносін сродкаў інфармацыі і грамадскіх структур (напрыклад, ролю тэлебачання ў фарміраванні культурна-маральных асноў маладога пакалення).

Інтэнт-аналіз – метад, з дапамогай якога вывучаецца праблема мэтанакіраванасці вербальнай камунікацыі. Гэты метад зыходзіць з таго, што чалавечае маўленне ўяўляе сабой наўмыснае дзеянне, г. зн. намер (інтэнцыю) што-небудзь выказаць, звязанае з пэўным зместам думкі або пачуццём, ляжыць у аснове практычна кожнага маўленчага акта.

Метад назірання выкарыстоўваецца пры зборы матэрыялу для даследавання вербальнага і невербальнага ўзаемадзеяння. Эфектыўнасць гэтага метаду павышаецца, калі выкарыстоўваюцца тэхнічныя сродкі фіксацыі аб’ектаў.

Метад мацыяметрыі прадугледжвае правядзенне апытання ўсіх членаў групы для ўстанаўлення характару іх узаемаадносін. Вынікі апытання паказваюць ступень згуртаванасці калектыву і важныя з пункту гледжання вывучэння міжасобаснай і групавой камунікацыі [16, с. 9].